Оля Аляксеева (польская і беларуская мовы)

Скончыла гімназію № 1 горада Ліды ў 2006 годзе і паступіла на філалагічны факультэт БДУ (аддзяленне беларускай філалогіі). Ва ўніверсітэце якраз і захапілася польскай мовай, таму абрала яе ў якасці дадатковай спецыяльнаці. Глыбей пазнаёміцца з польскай мовай, культурай, традыцыямі ўдалося дзякуючы стажыроўцы ў Паморскай акадэміі ў горадзе Слупску (Academia Pomorska, Słupsk) ў 2009 годзе.

Пасля былі падарожжы па Польшчы, якія ўзмоцнілі захапленне краінай і выклікалі жаданне зведваць яе яшчэ больш. Таму пайшла на курсы па вывучэнні польскай мовы пры Польскім інстытуце ў Мінску (адразу на другі год навучання), па сканчэнні якіх мяне чакала яшчэ адна шчаслівая магчымасць пастажыравацца ў Польшчы. 2017 год – стажыроўка ва Універсітэце Жэшоўскім (Uniwersytet Rzeszowski, Rzeszów).

Яшчэ на 5-м курсе ўладкавалася на працу ў выдавецтва “Літаратура і мастацтва” (сёння “Выдавецкі дом “Звязда”) рэдактарам у аддзел кнігавыдання, які пазней узначаліла. Цяпер працую ў выдавецтве, профілем якога з’яўляюцца медыцынскія часопісы. Займаю пасаду намесніка галоўнага рэдактара.

Не замужам, дзяцей не маю, таму вольны час прысвячаю самаадукацыі і самаўдасканаленню. Люблю басейн, розныя кірункі фітнеса. Калі ёсць час, чытаю што-небудзь з класічнай літаратуры. Любімая кніга – “Quo vadis?” Генрыка Сянкевіча. Як жартуюць філолагі, чакаю пенсіі, каб прачытаць усё, што не паспела на філфаку.

Падчас заняткаў стараюся зрабіць усё, каб нікому не надакучыла, таму важна, каб заданні былі разнастайнымі і цікавымі. І, канешче, хвіліны жартаў і смеху у гэтым – таксама немалаважная справа.